На мяжы XVI і XVII вякоў Эўропа пачынае ўсё глыбей уваходзіць у пэрыяд сучаснага абсалютызму. Амаль па ўсім кантынэнце замірае ідэя саслоўнага самакіраваньня, ўзгадаваная ў мінулыя стагодзьдзі. Былыя саслоўныя соймы, тыя французкія etats généraux, нямецкія Landtag, гішпанскія картэсы, якія пры ўсёй сваёй вузкасьці кругагляду прадстаўлялі грамадзкі элемэнт ва ўрадзе, пераможаныя ў працяглай шалёнай схватцы з роднай манаршай уладай ці, як вугорскі і чэскі соймы, якія спыніліся ў разьвіцьці, параўнальна зьнішчаныя вонкавымі сіламі, - зьнікаюць са сцэны. Калі часам фармальна існавалі, іхнае жыцьцё было пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Увогуле, станавіліся толькі ценьню прадстаўнічага воргана. Не маючы права прыняцьця пастановаў ні па воднаму пытаньню, яны маглі толькі слухаць ды ківаць. Іх склікаюць рэдка, часам раз на некалькі гадоў, ці ўвогуле не склікаюць. У Францыі, напрыклад, зьніклі ў 1614 годзе, і толькі напярэдадні вялікай рэвалюцыі, праз 175 гадоў, узьнікла спроба іхнага адраджэньня. У XVI стагодзьдзі францускіх каралёў называлі "reges servorum", г.зн. каралямі рабоў, замест "reges Francorum", а палітычныя пісьменьнікі таго часу, разважаючы над розьніцай паняткаў "манарх" і "тыран", бачылі яе у тым, што тыран не дапускае да галасаваньня "падданых" і ўсякія прадстаўнічыя ворганы "пужаюць яго, як сьвятло кажана". Саслоўныя соймы мруць без нашчадкаў, не стварыўшы форм уладкаваньня вярхоўнага праўленьня. Новая хада гісторыі ўсё больш групуе атрыбуты праўленьня вакол манаршай мантыі, каб урэшце сканцэнтраваць у руках аднаго чалавека, караля, усе рычагі ўлады і аддаць людскія згуртаваньні на зьневажальнае палітычнае нябыцьцё, дазволіць гэтаму адзінаму чалавеку казаць аб сабе: "Дзяржава - гэта я!". У XVII стагодзьдзі на кантынэнце амаль паўсюль ужо панаваў абсалютызм. Нікому непадсправаздачная і бяз усякіх праўных тармазоў разбэшчаная воля індывідыюма кіравала падлеглымі народамі і дзяржавамі быццам прыватнай уласнасьцю - гатай волі скараліся мільёны. Пераможны аўтакратызм зьнішчыў удзел згуртаваньняў у публічным жыцьці, тым самым у значнай ступені падрываючы іх зацікаўленнасьць ва ўсеагульным дабрабыце.
На Польшчы падзеі прынялі зусім іншы зварот. Разам з Ангельшчынай яна адна, а на эўрапэйскім кантынэнце адзіная, змагла ня толькі абараніць і ўтрымаць цягам усяго свайго дзяржаўнага існаваньня, але й разьвіць прынцып удзелу грамады ва ўладзе, атрыманы ў спадчыну з сярэднявечча. Як два супрацьлегла бягучых струмяні: сыстэмнае разьвіцьцё эўрапэйскага кантынэнту і сыстэмнае разьвіцьцё Рэчы Паспалітай. З аднаго боку, ля падножжа трону пануючага самаўладнага правіцеля выхоўваецца на доўгія вякі пакорлівы тып "падданага з абмежаваным умом". З другога, пры безупыннай перадачы ўладных правоў у рукі народу, ствараецца тып вольнага грамадзяніна, які свае суадносіны зь дзяржавай вызначае поўным годнасьці, але што больш варта, слушным прынцыпам: "nil de nobis sine nobis" - "нічога з намі бяз нас". З пачатку XV стагодзьдзя польская шляхта зь нябылым імкненьнем разьвівае грамадзкія і палітычныя свабоды.
Чэрвіньскім прывілеем ад 1422 году шляхта набывае гарантыю недатыкальнасьці маёмасьці: адгэтуль кароль не можа нікога пазбавіць уласнасьці без судовага выраку. 1425 год прыносіць важнае права асабістай недатыкальнасьці, выказанае ў памятным асноўным законе: "Neminem ceptivabimus nisi jure victum", які гарантуе, што шляхціч можа быць зьняволены ня йначай, як па правамоцным выраку суда, за выключэньнем выпадкаў пайманьня на гарачым учынку забойства, падпалы, крадзяжу ці гвалту. Гэты польскі "Habeas corpus", на многія стагодзьдзі апераджаючы разьвіцьцё праўных асноваў на эўрапэйскім кантынэнце, які так дабрачынна выконваецца, што ніколі не паважыўся быць парушаным, Рэч Паспалітая пашырыла з часам на мяшчан (1791) і на габрэяў (1792). Прывілей 1588 г. забясьпечвае недатыкальнасьць хатняга ачагу, пастанаўляючы, што дом шляхціча не падлягае дагляду, нават у выпадку, калі там хаваецца злодзей. Без адмысловых дазволаў грамадзянін Рэчы Паспалітай мае свабоду стварэньня злучэньняў і свабодай выказваньня перакананьняў словам і пісьмова і ня можа якім-кольвек чынам уціскацца за погляд, выказаны аб публічных справах. Хто падаваў у суд на суграмадзяніна за выказваньні, нават ня дужа правамерных поглядаў, прыцягваўся да адказнасьці сам як парушальнік унутранага пакою і ўціскальнік грамадзянскіх свабод. Так званыя сёньня канстытуцыйныя прынцыпы: недатыкальнасьць асобы, ахова маёмасьці і хатняга ачагу, свабода згуртаваньняў, свабода выказваньняў - прынцыпы, якія ў XIX стагодзьдзі дзе-нідзе пралівалі патокі крыві і якія здабываліся праз унутраныя гвалтоўныя ўзрушаньні, - былі ажыцьцёўлены ў Польшчы ўжо ў XV і XVI стагодзьдзях і захаваліся да канца існаваньня Рэчы Паспалітай, у той час калі ў Эўропе панавала абуральнае бяспраўе.
Адначасова квітнеюць свабоды, шчыльна зьвязаныя з палітычнымі. Асновай для ніх стаў атрыманы ў 1454 г. у Нешаве "статут" караля Казіміра IV (Ягелоньчык), які абавязваў не выдаваць ні новых законаў, ані вайсковых выступаў без ухвалы ўсякі раз шляхтай, скліканай на земскіх сойміках. З тае пары шляхта атрымала дотык да заканадаўчае ўлады. З усякім разам усё больш крышталізуецца прынцып, які стане краевугольным камянём дзяржаўнага ўладкаваньня ў Польшчы, усё, што накладае абавязкі на грамаду, мусіць падлягаць папярэдняму ўзгадненьню зь ёю. З цьмянасьці, фармуючыхся такім чынам прынцыпаў, выбудоўваецца польская парлямэнцкая сыстэма. У другой палове XV ст. рэгулярныя сумесныя сходы рыцарства з прыдворнай кароннай радай, ператвораныя ў вальны сойм, сталі з тае пары першарадным элемэнтам публічнага жыцьця, апошняе правядзеньне якіх прыпала на 1493 год. У 1505 годзе Сойм у Радаме атрымлівае юрыдычную падставу сваёй дзейнасьці і адначасова ладзіць вялікую палітычную рэформу канстытуцыі: "Nihil novi constitui debeat per nos sine communi consensu conciliariorum et nuntiorum terrestrium" ("мы нічога новага ня вырашым - ручаецца кароль - толькі як з агульнае згоды Рады і земскіх паслоў").
Канстытуцыя "Nihil Novi", якая адгэтуль цягам трох бліжэйшых стагодзьдзяў па 3 траўня 1791 году будзе складаць аснову палітычнай сыстэмы Польшчы, асьвечана заканадаўчым актам і ўпершыню выразна вызначае і замацоўвае прынцып, які на практыцы даўно ўжываўся. Прынцып, адпаведна якому закон ня можа быць створаны адным чалавекам, каранаваным кіраўніком і начальнікам, але мусіць быць прыняты з удзелам шырокай грамадзкасьці таму, што ён зьяўляецца адпаведнай крыніцай нормаў, рэгулюючых грамадзкае жыцьцё нацыі, і нацыя павінна дазіраць гэтыя законы, якія ў асобах сваіх асобных прадстаўнікоў вольным чынам і без прымусу палічыць неабходнымі. Перадаўшы заканадаўчую ўладу, якая да гэтуль належала земскім соймікам, вальнаму сойму, канстытуцыя 1505 году садзейнічала цэнтралізацыі заканадаўчае ўлады і адначасова шчыльнейшай згуртаванасьці і кансалідацыі нацыянальнай цэласнасьці. Увогуле яна стварае эпахальны факт нашай гісторыі, "адлучае - па словах Бабкінскага ("Польскія соймы") - польскую сярэднявечную дзяржаву ад сучаснай", у той жа час папераджаючы пэрыяд нашага найвышэйшага ўнутранага разьвіцьця - зыгмантаўскі пэрыяд.
Вальны сойм у Польшчы складаецца з сэнату (рады) і пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Акрамя таго ў яго склад уваходзіць у якасьці асобнага суб'екта кароль, які ажыцьцяўляе таксама па сваёй сутнасьці вярхоўную выканаўчую ўладу і абавязкі галоўнакамадуючага ўзбройнымі сіламі. Аб'яднаньне тае каралеўскае ўлады з прадстаўнікамі народу ў супольную цэласнасьць існавала аж да найноўшага часу, акрамя Польшчы, толькі ў канстытуцыі Ангельшчыны. Прафэсар Бальцэр [Balzer] ("Польская дзяржава ў XV і XVIII стагодзьдзях") падкрэсьлівае, што ў час калі той ці іншы кіраўнік выступаў за ўцінаньне прадстаўніцтва, як асобнага і процістоячага яму элемэнту, польскі "хаўрус караля з соймам абмяжованы, нібы сучасныя манархіі", і што, калі сярэднявечны дуалізм зрабіў магчымым з цягам часу нараджэньне абсалютызму, у нас перашкодзіла гэтаму асабістае злучэньне караля з заканадаўчым целам у агульных рамках. У польскім сэнаце засядаюць разам з манархам сьвецкія і духоўныя сэнатары, у палаце дэпутатаў - шляхта ("рыцарства") і, прынамсі да пэўнага часу, у якойсьці ступені адносна - мяшчанства. Склад чальцоў пасольскае ізбы выбарны: шляхта выбірае "земскіх" паслоў на выбарных сходах, г.зн. сойміках, ваяводзкіх ці земскіх (павятовых), праз агульнае галасаваньне, гарады выбіраюць паслоў гродзкіх.
Польскі сойм зьяўляецца агульнадзяржаўным прадстаўніцтвам і найвышэйшым заканадаўчым сходам, пастановы якога былі абавязковымі да выкананьня па ўсёй краіне. Дзеля займеньня пастановамі юрыдычнай моцы была неабходна ўсеагульная згода абедзьвух палат і караля. Па асобным справам кароль захаваў, безумоўна са згоды сойму, уладу на выданьне асабістых пастаноў, што, аднак, ніколі не было дакладна і сьцісла рэглямэнтавана (Станіслаў Кутшэба [St. Kutrzeba] "Гісторыя дзяржаўнага ўладкаваньня Польшчы" ["Historja ustroju Polski"]). Ізба пасольская выконвала сваю частку законатворчасьці, сэнат толькі прымаў ці адхіляў пастановы, прычым абедзьве палаты ў вызначаных выпадках зьбіраліся на супольныя нарады. Праекты законаў уносіліся тронам, але зь імі мог выступіць і любы пасол. Паседжаньні сойму праводзіліся адкрыта, пры расчыненых дзьвярох, у прысутнасьці публікі ці "арбітраў". У сэнаце паседжаньне ладзіў кароль, у пасольскай ізбе - абіраемы зь яе складу маршалак. На ўвесь час правядзеньня сойму паслы і сэнатары былі недатыкальнымі і ўжывалі імунітэт ад судовых перасьледаў: судовыя працэсы, якія адбываліся ў дачыненьні да іх у якіх-кольвек судах, падлягалі прыпыненьню незалежна ад атрыманай пастановы.
Арганічнай заганай сканструяванага такім чынам цела, якое ў выніку працяглай практыцы выпрабоўвалася рознымі, але толькі нязначнымі зьменамі, зьяўлялася скоўваньне паслоў "інструкцыямі" ад выбарцаў, і якіх са зьменнай стараннасьцю пільнаваліся ў розныя эпохі, што адчыняла шырокі шлях да месьніцкага эгаізму, якое доўжылася да рэформы 3 траўня 1791 г. Тыя інструкцыі больш-меньш грунтоўна вызначалі, якую пазыцыю мусіць заняць пасол прынамсі ў дачыненьні да важнейшых надзённых пытаньняў, тым самым абдзяляя свабоду ягоных дзеяў. Але часам выбарцы, не абмяжоўвая свайго пасла, даручалі яму зрабіць так, як ён палічыць будзе правільна і карысна, ці выступіць салідарна з большасьцю. Пасьля сойму паслы павінны былі перад выбарцамі і на гэтак званых рэляцыйных сойміках несьці справаздачу.
Некалькі дзясяткаў ваяводзтваў і "зямляў" захавалі шырокае самакіраваньне. Адказваў за гэта асобны заканадаўчы ворган у выглядзе гаспадарскіх соймікаў, на якіх шляхта вырашала разнастайныя мясцовыя адміністрацыйныя і скарбовыя справы, уводзіла падаткі на земскія патрэбы і зьбірала іх праз сваіх урадоўцаў, ваяводзтвы трымалі нават уласныя ўзброеныя сілы. Гэта былі нібыта малыя рэспублікі ў межах вялікай, якая з дапамогай цэнтральных уладаў і вальнага сойму яднала іх у адзінае цэлае. Калі цэнтральная ўлада падчас Саксонскай эпохі заняпаду амаль зусім скончыла існаваць і цэнтар цяжару ссунуўся на лякальныя самакіравальныя ўтварэньні, празьмерны рост якіх пагражаў наўпростым распадам дзяржаўных сувязяў, Рэч Паспалітая стала падобнай на вольную фэдэрацыю такіх разьяднаных паміж сабой рэспублік - ваяводзтваў.
Але зрэшты - у прынцыпе, а па-за стогадовым пэрыядам разладу - і на практыцы так сама, усё дзярждўнае жыцьцё было падначалена вырашальнаму ўплыву вальнага сойму. Да сфэры ягонай дзейнасьці належалі наступныя кіраўнічыя функцыі: выпрацоўка і ўхваленьне законаў абавязковых для ўсіх жыхароў, накладаньне розных цяжараў і дзяржаўных падаткаў, дазвол на біцьцё манэты, крымінальнае правасудзьдзе вышэйшай інстанцыі па справах выключнай важнасьці, кантроль дзейнасьці ўраду, нагляд за выдаткамі дзяржаўнага скарбу, каронныя і літоўскія падскарбовыя рахункі якога ўносіліся дзеля вывучэньня і зацьверджаньня да асобнай соймавай камісіі, назіраньне за ўнутранай адміністрацыяй, атрыманьне справаздач ад паслоў да чужаземных двароў і вызначэньне кірунку замежнай палітыцы, санкцыянаваньне дамоў і хаўрусаў, урэшце такая важкая функцыя, як рашэньне аб аб'яўленьні вайны і заключэньні міру. Польскі манарх не меў магчымасьці па асабістай ці сямейнай матывацыі легкадумна распаліць ваенны пажар, бо важнейшае з правоў, права вымаць зброю, належыць толькі самому народу, які пакінуў за сабою права вырашаць вайна ці мір адпавядае ягоным інтарэсам. Гэта зьяўляецца велічэзнай кампетэнцыяй, значная частка якой не стала да цяперашняга часу ў такой ступені прэрагатывай ні воднага з сучасных парлямэнтаў. Небывала моцна падкрэсьленае права асобы адбілася ў характарыстыцы польскай палітычнай сыстэмы аднагалоснасьці парлямэнцкіх рэзалюцый у прынцыпе, што ў некаторай ступені мае свае аналёгіі ў сярэднявеччы на Захадзе, але ў такой меры і ў такой інтэнсіўнасьці зьявілася толькі ў нас. Кожная даканцовая пастанова парлямэнта павінна быць прынята "unanimiter", ўсімі галасамі. Голас "супраць" аднаго дэпутата ("Liberum veto") касуе пастанову. У грунце гэтага прынцыпу ляжала ідэя пра тое, што большасьць не павінна мэханічна навязваць сваю волю меньшасьці. Дэпутат польскага сойму хацеў быць не тым, хто адгаласаваў, а перакананым. На працягу доўгага часу гэта дактрына, што завецца шляхтай "зрэнкай волі", пераможна вытрымлівала выпрабаваньне жыцьцём. "Liberum veto" было сто гадоў правам, якое нікому не давала прадбачыць даканцовы вынік: меньшасьць дазваляла пераконваць, ці самахоць саступала волі большасьці. "У лепшыя часы польскага парлямэнтарызму фактычна палова пытаньняў, што ўяўляюць найвялікую важнасьць, разьвязваліся ў Сэнаце, як і ў Пасольскай Ізбе, большасьцю галасоў," - сцьвярджае Bobrzyński ("Польскія Соймы"). З канца сямнаццатага стагодзьдзя, калі маральны ровень грамадзтва зьменьшыўся, прынцып аднагалоснасьці стаў зручнай прыладай для або вонкавых бунтароў, або апазыцыі супраць усіх рэформаў і стаў выкарыстоўвацца для зрыву соймаў: у часы заняпаду склалася ўстояная практыка, што менавіта "вэта" аднаго з дэпутатаў касавала пастановы ўвогуле ўсёй сэсіі і перашкаджала парлямэнцкай дзейнасьці. Яе часткова ўхіліла ўжо рэформа Чартарыйскіх 1764 года, даканцова - канстытуцыя 3 траўня 1). Процівагу "liberum veto", часткова прынамсі, прыўносілі сабой канфедэрацыі, самаахвотныя зьвязы грамадзянаў, што ствараліся на час вонкавай небясьпекі ці чарговага безуладзьдзя, дзеля захаваньня парадку ў дзяржаве. У такі час пастановы сойма адхіляліся вылучна большасьцю галасоў. Зьяднаная ў гэтых зьвязах шляхта (а спусьцячы час і мяшчанства) выяўляла сьляпую і бязьлітасную стараннасьць перад сваёй абранай уладай, "генэральнай радай канфедэрацыі", аж да гатовасьці памерці дзеля ажыцьцяўленьня яе пастановаў. Канфедэратыўнае кіраўніцтва валодала ўладай неабмежаванай, дыктатарскай.
Палітычнае жыцьцё Рэчы Паспалітай разьвівалася ў гэтых рамках зь імклівай інтэнсіўнасьцю. Паколькі мяшчанства фактычна хутка сышло са сцэны, а замацаваныя за ім правы рэалізоўвала хутчэй толькі дэкляратыўна, каб сьцвярджаць, што яно імі ў прынцыпе валодае, то зямянская супольнасьць з кожным разам усё больш прывучалася да ўдзелу ў шырокім дзяржаўным жыцьці. На працягу доўгай і бесперапыннай практыкі трох стагодзьдзяў фармуецца палітычная культура, якая ўваходзіць у кроў польскай шляхты. Грамадзкія справы, дрэнна ці добра зразуметыя - паглынаюць яе, зьяўляюцца любым і ганаровым заняткам, як у старажытнагрэцкіх рэспубліках, і таксама як там, валодаюць здольнасьцю разрастацца. На ардынарных соймах, якія склікаліся раз на два гады, і пазачарговых, якія зьбіраліся па меры патрэбы, у незьлічоных адменьніках павятовых і ваяводзкіх соймікаў (соймікі прадсоймавыя, выбарчыя, дэпутацкія, гаспадарчыя, рэляцыйныя, генэральныя), на выбарных судовых трыбуналах і на шматлікіх афіцыйных пасадах шляхта ўвесь час занята справамі ці мясцовага самакіраваньня, ці мелымі дачыненьне да дзяржаўных зацікаўленьняў. Апісаная вышэй карціна ў агульных рысах завершана ўжо на прыканцы XVI стагодзьдзя і застанецца такой цягам наступных двух стагодзьдзяў, безь якіх-кольвек зьмен, калі амаль уся кантынэнтальная Эўропа падставіла шыю пад ярмо абсалютызму. Паколькі ва ўсіх гэтых правах і палітычных волях бярэ ўдзел уся незьлічоная і разнамасная ў сваім сацыяльным расслаеньні сукупнасьць шляхты, трон ужо здаўна перастае быць спадчынным. Польшча даканцова фармуе сваё дзяржаўнае майстраваньне як шляхецка-дэмакратычнае і шляхецка-рэспубліканскае. Дзеля пазначэньня такім чынам уладкаванай дзяржавы ў народных вуснах спантанна зьяўляецца назва "Рэч Паспалітая", якая, дакладна адпавядаючы духу грамадскіх настрояў, хутка шырыцца як неафіцыйнае вызначэньне польскай канстытуцыйнай манархіі.
У нашай гістарычнай літаратуры, не абавязкова нават аўтарства прыхільнікаў кракаўскай школы, і наагул ува ўсім сучасным мэнталітэце, тэндэнцыя да абніжэньня каштоўнасьці ідэі дзяржаўнага ўладкаваньня ўласнае нацыі стала чымсьці накшталт адзнакі добрага тону, у якім мы, здаецца, адзінотныя ў Эўропе. Для прыкладу паспрабуем тут у кароткім выглядзе разгледзець некалькі поглядаў на былы Сойм Рэчы Паспалітай.
А. Рэмбоўскі («Канфэдэрацыя і мяцеж») піша: «Я думаю, што слушна памянуць, што цьверджаньне прафэсара Бабрынскага пра тое, што нібы пастанова 1505 году, якая асьвячае ўдзел шляхты ў дзяржаўным жыцьці, стварыла парлямэнтарызм, у навуцы пра дзяржаву можа выклікаць толькі блытаніну паняткаў. Пад словам «парлямэнтарызм» ён разумее навуку аб палітыцы, па вызначэньні гісторыкаў дзяржаўнага права, сыстэму кіраваньня, якая прадугледжвае залежнасьць урада ад падтрымкі большасьці палаты грамад. Падобная сыстэма склалася і замацавалася ў Ангельшчыне толькі напачатку XVIII стагодзьдзя». Ну, прыведзены вышэй крытэр даволі надуманы. Пра гэта выразна сьведчыць той факт, што ў Прусах і нават у нямецкім рэйху ўрады да 1918 году апраўдвалі давер і волю кароны, а не палат,і ніякі голас недаверу з боку народнага прадстаўніцтва не мог прымусіць іх пайсьці ў адстаўку. Больш за тое, нават у Злучаных Штатах міністры не нясуць адказнасьці перад кангрэсам, а толькі перад прэзідэнтам. Ці аднак можна сьцьвярджаць, што Нямеччына ці ЗША не зьяўляюцца парлямэнцкімі дзяржавамі? Не, таму што існасьць парлямэнтарызму - гэта сыстэма адносін, у якой грамадзтва мае права голасу ў дзяржаўных справах праз сваё, больш-меньш шырокае, прадстаўніцтва.
З тэарэтычных пазыцый перабольшана робіцца акцэнт і проціпастаўляецца сёньняшняму стану рэчаў той факт, што паслы да рэформы 3 траўня былі ў нас толькі ўпаўнаважанымі соймікаў, а не прадстаўнікамі ўсёй дзяржавы, што "тыя, хто засядаў у сойме, прэзэнтавалі інтарэсы дзяржавы толькі ў той ступені, у якой яны супадалі з тымі [інтарэсамі рэгіянальных эліт]". Першае і другое цьверджаньне вядома адпавядае літары сучаснага ўладкаваньня. Аднак, калі прыняць да ўвагі практыку, якая, паводле "шэрай тэорыі", таксама нават мае некаторае значэньне, то варта адзначыць: 1) што чальцы польскага парлямэнта, нягледзячы на тое, што яны былі ўпаўнаважанымі соймікаў, нярэдка рабіліся прадстаўнікамі ўсёй дзяржавы высокага ўзроўню, прыкладаў чаго ў нас досыць, 2) што сёньняшнія дэпутаты, хоць і не правамерна, насамрэч пачуваюцца таксама - часам у першую чаргу - прадстаўнікамі сваіх "акруг" і ўпаўнаважанымі выбарцаў, ад якіх яны атрымваюць інструкцыі sui generis на перадвыбарчых сходах, прытым вядома, наколькі яны бываюць прынцыповымі дзеля атрыманьня нават падзякі тых, ад каго атрымалі свае мандаты, 3) што былыя саслоўі ў праўнай дзяржаве былі заменены сацыяльнымі "клясамі", што ў сёньняшніх заканадаўчых ворганах дэпутаты, як гэта было некалі ў Польшчы, прэзэнтуюць перш за ўсё інтарэсы сваёй клясы, а "дзяржавы толькі ў той ступені, у якой яны супадаюць з тымі". Досыць успомніць рабочых дэпутатаў, аграрных дэпутатаў, напр., прускага тыпу, якія выступілі ў змаганьні за выбарчыя рэформы з выяўна клясавымі інтарэсамі і г.д. Захаваньне ў якасьці праватворчых ворганаў "верхняй" палаты, палаты "лордаў", палаты, якую ў Вугоршчыне завуць проста "палатай магнатаў", даводзіць, што прынцып саслоўнасьці не быў цалкам выдалены не толькі з духу, але нават з арганізацыі сучаснага парлямэнтарызму. Прафэсар Освальд Бальцэр (Oswald Balzer "Reformy polityczne i społeczne konstytucji 3 maja") ізноў кажа: "Мы абвыклі называць польскі парлямэнт парлямэнцкім ворганам, прадстаўніцтвам нацыі, і калі сёньня мы надаём строгі сэнс гэтым назвам, то яе нават варта зьвінаваціць: пасольская палата не была парлямэнцкай палатай у сучасным значэньні". У роўнай ступені было б слушна напачатку XX стагодзьдзя адмовіць у важных парлямэнцкіх функцыях соймам, якія не фармуюцца шляхам усеагульнага галасаваньня, таму як яны прэзэнтуюць толькі частку нацыі. Калі б прынцып абсалютна дасканалага прадстаўніцтва вызначаў існасьць парлямэнтарызму, то апынулася б, што дагэтуль парлямэнты існуюць толькі ў вельмі нешматлікіх краінах. У цэлым шэрагу краін ад удзелу ў прадстаўніцкім жыцьці прынцыпова вынята ўся палова насельніцтва, г.зн. кабеты. Гэты вынятак безумоўна несправядлівы і неразумны: аднак ня гледзячы на гэта мы не кажам, што францускі парлямэнт, у якім кабеты не маюць права голасу, не зьяўляецца таму парлямэнтам. Вынятае для кантрасту з былым польскім соймам вызначэньне "парлямэнтарызм у сёньняшнім значэньні" зьяўляецца сьлізкім, таму што "сёньняшняе значэньне" яднае ў добрай згодзе прадстаўніцтвы з такімі асаблівасьцямі, як ангельскі парлямэнт і дарэвалюцыйная расейская Дума, прускі парлямэнт і парлямэнт Новай Зеляндыі. Тое, што Сойм Рэчы Паспалітай не быў "сёньняшнім парлямэнтам", нават не думаю, што гэта трэба даводзіць. Аднак, калі Бобрынскі бачыць у 1505 годзе зараджэньне парлямэнтарызму ў Польшчы, то атака гэтага справядлівага цьверджаньня "сучаснасьцю" ніякім чынам не можа разбурыць існасьць панятку, якая не толькі ў гістарычнай пэрспэктыве, але і, як мы бачым, нават сёньня, у адну эпоху, выяўляецца ў вельмі розных абліччах.
Паміж былым польскім соймам і найболей лібэральнымі з сучасных парлямэнтаў існуе галоўным чынам і перш за ўсё колькаснае адрозьненьне, натуральнае з-за ўплыву стагодзьдзяў, тым часам як паміж уладкаваньнем і духам гістарычнай Польшчы і большасьцю эўрапэйскіх дзяржаваў, не толькі ёй сучаснымі, але нават XIX і XX стагодзьдзяў, існуе фундамэнтальнае якаснае адрозьненьне, выяўленае ў адносінах волі да дэспатызму.
Polska encyklopedia szlachecka. T.1, 1935.
Падрыхтаваў ды пераклаў Ю. Лычкоўскі