Праваслаўная царква сёньня налічвае найвялікую колькасьць вернікаў, бо да 80 000 складае насельніцтва, якое ў 1840 годзе адлучана ад Уніі. У павеце ёсьць праваслаўных цэркваў: 146 драўляных, 2 мураваных. Зь іх 54 прыходскіх, а астатнія зьяўляюцца філіяльнымі або капліцамі. Адзін манастыр у Лядзе, былы базылянскі. Духавенства каля 240 асоб.
Каталіцкі касьцёл на Ігуменшчыне, з 1870 года прыналежны Віленскай дыяцэзіі, згодна апошнім рубрыцэлям у сямі парафіях, што абслугоўваюцца толькі сямю сьвятарамі, яднае больш 23 000 вернікаў, а менавіта: 2 900 у Бярэзінскай, 2 950 у Ігуменскай, 2 815 у Блонскай, 1 345 у Серафінскай, 5 627 ва Ўзьдзенскай, 3 777 у Каралішчавіцкай, 4 000 у Анопальскай. Апошняя зь іх, заснаваная амаль 14 гадоў таму пасьля ліквідацыі Дукорскай парафіі, мае касьцёл за межамі Ігуменскага павета, у Менскім павеце, і прыналежны Менскаму дэканату. Уласна дэканат адзін - Ігуменскі, аднак для выгоды адміністраваньня апроч часткі Анопальскай парафіі, як было адзначана, Узьдзенская парафія прылічана да Наднёманскага дэканату, праўленьне якога зьмесцавана на тэрыторыі Менскага павета. Апроч парафіяльных касьцёлаў у павеце ёсьць 1 філіяльны і 16 капліц, у якіх час ад часу адбываюцца набажэнствы, а менавіта, у Бярэзінскай парафіі: Раваніцкая (філія), у Брадце, у Гажыловічах, у Асмалоўцы і Перавозе. У парафіі Ігуменскай: у Сьмілавічах і Убелі. У парафіі Блонскай: у Міжрэччы; у парафіі Серафінскай: у Суціне; у парафіі Ўзьдзенскай: у Талкачэвічах, Кухцічах, Узьдзе, Падсацкіх, Рабінаўцы і Старынках. У парафіі Анопальскай: у Шабунях.
Што да даты заснаваньня прыходскіх касьцёлаў і іх фундатараў, то адзначым, што касьцёл у Беразіно, самага жаласнага стану і палічы разбураны, пабудаваны ў 1641 годзе на сродкі канцлера Лява Сапегі. Ігуменскі касьцёл пабудаваны ў 1799 годзе на ахвяраваньні вернікаў. Блонскі касьцёл 1748 году, па ўсёй бачнасьці, фундацыі Бакаў. Серафінскі касьцёл 1762 году фундацыі старога роду Янішэўскіх. Каралішчавіцкі касьцёл 1785 году фундацыі Прашынскіх. Узьдзенскі касьцёл 1684 году фундацыі Завішаў.
Пратэстанцкая грамада мае старажытны, былы арыянскі, касьцёл у прыгожым стылі, што супакоіў магілы сям'і Грабоўскіх, у радавым маёнтку Сямёнавічах.
Невялікая мусьлімская грамада мае 2 мячэты, а габрэі да 30 сынагог апроч малітоўняў.