З пачатку 1996 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі праводзіцца плянавая распрацоўка тэмы "Генэалёгія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі". Яе мэта - на грунце ўсебаковага вывучэньня патрэбных архіўных дакумэнтаў, адмысловай літаратуры і іншых апублікаваных крыніц падрыхтаваць да выданьня энцыкляпэдычны даведнік па генэалёгіі і геральдыцы беларускае шляхты.
Структура наступных тамоў гербоўніка можа зьведаць нязначныя зьмены.
Кніга складаецца з артыкулаў, прысьвечаных кожнаму пэўнаму шляхецкаму роду. Усе артыкулы складзены па адной схэме з наступных частак:
- назва - пададзена прозьвішча і ягоны варыянт, калі ўжываўся, з указаньнем назвы герба ці яго варыянту (скарачэньне - "адм." [адменны]), якім паказаны род карыстаўся;
- уступная частка - зьвесткі, адкуль па радавой легендзе паходзяць ці дзе жылі складальнікі вывода, а таксама прыналежнасьць іх да шляхты, зямянаў ці іншага саслоўя напачатку генэалёгіі. Пры патрэбе разглядаюцца асаблівасьці выявы герба і акалічнасьці яго атрыманьня ці выкарыстаньня. Тут жа даюцца зьвесткі пра выкарыстаньне гэрбавых ці радавых прыдомкаў і інфармацыя, якая была запісана ў выводзе як вядомая, але ня злучаная наўпроста з паказаным радаводам;
- асноўная частка - апісаньне генэалёгіі роду, пададзена ў выглядзе пакаленнага росьпісу. Яна ўтрымвае ўказаньне рэальнага, засьведчанага вызначанымі зьвесткамі і дакумэнтамі родазаснавальніка (пратапласта), яго нашчадкаў з указаньнем родных сувязяў, шлюбаў, фактаў валоданьня імі зямлёй, маёнткамі і іншай нерухомай маёмасьцю, прызначэньні ці абраньні на пасады і выкананьні адпаведных абавязкаў, нясеньні грамадзянскай ці вайсковай службы, месцаў жыцьця, перасяленьні і іншыя зьвесткі. Асноўная частка завяршаецца інфармацыяй пра даты выводу ў ДДС з указаньнем часткі радаводнай кнігі, да якой быў аднесены род, і ўказа Дэпартамента Герольдыі пры Сэнаце пра зацверджаньне (ці незацьвярджэньні) роду ў дваранстве Расейскай імпэрыі;
- крыніцы - паказаны сьпіс усіх скарыстаных аўтарам для напісаньня артыкула архіўных і апублікаваных матэрыялаў.
Да гербоўніка прыкладаецца патрэбны навукова-даведкавы апарат, складзены вылучна на грунце дасьледаваных дакумэнтаў, без выкарыстаньня якіх-кольвек адмысловых даведнікаў. Лічба азначае парадкавы нумар артыкула, дужкамі і падкрэсьленьнем паказаны адпаведна роды, генэалёгіі якіх прысьвечаны асобныя артыкулы.
Іменны паказальнік улучае ўсе памянёныя прозьвішчы (з іх варыянтамі, прыдомкамі) і імёны вядомых гістарычных асобаў з указаньнем іх званьняў, пасад і г.д. Саслоўная прыналежнасьць паказвалася толькі для асобаў не шляхецкага саслоўя. Адменная ўвага надавалася ўліку жаночых лініяў, таму кабеты паказаны некалькі разоў, пад дзявоцкімі і шлюбнымі прозьвішчамі, з указаньнем, пры магчымасьці, чарговасьці шлюбаў, бацькоў і іншых зьвестак.
Геаграфічны паказальнік улучае ўсе ўласныя назвы населеных пунктаў і іншых геаграфічных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных аб'ектаў з указаньнем тытула (для населеных пунктаў) і яго адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыналежнасьці ў часы РП і Расейскай імпэрыі.
Альфабэтны сьпіс гербаў улучае ўсе іх назвы, памянёныя ў гербоўніку, з указаньнем родаў, якія імі карысталіся.
На падставе артыкула С. Рыбчонка, З. Яцкевіча