У адміністрацыйным пляне Вялейскі павет падзяляецца на 3 паліцэйскія акругі (станы), з цэнтрамі ў Маладэчне, Даўгінаве і Дунілавічах, і 26 валасьцей: Вязынь, Германішкі, Гарадок, Краснае Сяло, Лебедзева, Маладэчна, Радашкавічы і Хаценічы у 1 паліцэйскай акрузе; Будслаў, Вялейка, Даўгінава, Іжа, Княгінін, Крайск, Крывічы, Куранец і Рабунь у 2 паліцэйскай акрузе; Ваўкалата, Дунілавічы, Жосна, Лучай, Манькавічы, Мядзел, Норыца, Параф'янава і Порплішча ў 3 паліцэйскай акрузе.
У судовым дачыненьні павет падзяляецца на 3 дзяльніцы судовых сьледчых (з цэнтрамі ў Вялейцы, Дунілавічах і Радашкавічах), а таксама на 4 дзяльніцы міравых судоў: 4-я дзяльніца Дзісьненскай акругі, 4-я дзяльніца Сьвянцянскай акругі, а таксама 4-я і 5-я дзяльніцы Смаргонскай акругі.
Апроч павятовага горада ў павеце зьмесцаваны 1 пазаштатны горад (Радашкавічы), 20 мястэчак (Вязынь, Гарадок, Ілія, Краснае, Лебедзева, Маркава і Маладэчна ў 1 паліцэйскай акрузе; Будслаў, Даўгінава, Крайск, Крывічы, Куранец і Рэчкі ў 2 паліцэйскай акрузе; Ваўкалата, Дунілавічы, Задзеўе, Манькавічы, Стары і Новы Мядзел і Параф'янава ў 3 паліцэйскай акрузе) і 1 244 вёскі і драбнейшых селішчаў, у агульнай колькасьці якія налічваюць 10 335 гаспадарак (дымоў).