У адміністрацыйна-паліцэйскім дачыненьні павет падзяляецца на пяць паліцэйскіх акруг (станаў) і 24 воласьці, якія ахапляюць 57 сельскіх старостваў. Першая паліцэйская акруга Нягневіцкая, з управай у мястэчку Нягневічы, улучае Вераскоўскую, Гарадзечненскую, Любчанскую, Нягневіцкую, Уселюбскую і Шчорсаўскую воласьці; другая паліцэйская акруга, з управай у мястэчку Гарадзішча, улучае Гарадзішчанскую, Кашалёўскую, Пачапаўскую, Райчанскую і Цырынскую воласьці; трэцяя паліцэйская акруга, з управай у мястэчку Новая Мыш, улучае Жухавіцкую, Навамыскую, Сталовіцкую і Чэрніхаўскую воласьці; чацьвертая акруга, з управай у мястэчку Мір, улучае Гарадзейскую, Карэліцкую, Мірскую і Ярэміцкую воласьці; пятая акруга, з управай у мястэчку Сноў, улучае Востраўскую, Дараўскую, Крывошынскую, Сноўскую і Ястрэблінскую воласьці.
Далей павет падзяляецца на 4 судовыя акругі і 4 вайсковыя акругі з управамі ў Наваградку, Міры, Гарадзішчы і Дараве.
Паводле апошніх дадзеных у павеце зьмесцавана 723 вёскі, 371 фальварак, 54 засьценкі, 27 шляхецкіх ваколіц і 25 мястэчак, а менавіта: Валеўка, Ведзьма, Востраў, Гарадзішча, Ішкалдзь, Карэлічы, Крашын, Крывошын, Ліпск, Любча, Мір, Новая Мыш, Наваградак, Паланечка, Палонка, Паручын, Пачапава, Сваятычы, Сноў, Сталовічы, Турэц, Уселюб, Цырын і Ярэмічы. Толькі Наваградак мае выгляд больш менш за прыстойны горад.