Рагачоўскі павет
Магілёўскай губэрні
XIX ст.

Адміністрацыйная мапа

Мапа - Рагачоўскі павет
  • Падзел
  • Насельніцтва
  • Рэлігія
  • Гісторыя

Падзел

У адміністрацыйным дачыненьні Рагачоўскі павет падзяляецца на 4 паліцэйскія акругі (станы), з канторамі ў мястэчках Жлобіне, Гарадцы, Чачэрску і ў ваколіцы Жалезьнікі, і 18 воласьцяў: Гарадзец, Доўск, Дудзічы, Карма, Кашалёва, Кісьцяні, Лукі, Мяркулавічы, Нядойкі, Палесьсе, Покаць, Расохі, Рэчкі, Старая Рудня, Стаўбун, Стрэшын, Ціхінічы і Чачэрск.

Апроч Рагачова ў павеце знаходзіцца 9 мястэчак: Гарадзец, Жлобін, Карма, Карпілаўка, Стрэшын, Сьвержань, Ціхінічы і Чачэрск.

Насельніцтва

Агульная колькасьць насельніцтва складае 142 852 душы, зь іх 4 437 душ (1 677 габрэяў) у Рагачове, 9 213 душ (5 538 габрэяў) у мястэчках. Паводле валасных сьпісаў у павеце жыве 104 922 селяніна.

Паводле дадзеных 1864 году ў павеце было 121 627 жыхароў; 106 663 праваслаўных, 6 643 каталіка, 27 эвангелістаў, 872 раскольнікі і 7 422 габрэя; паводле станаў: 11 347 спадчыннай шляхты, 242 дараванай, 777 праваслаўнага духавенства, 7 каталіцкага, 121 габрэйскага, 8 651 мяшчан і 76 350 сялянаў.

Рэлігія

У Рагачоўскім павеце знаходзіцца 4 каталіцкія парафіі: у Рагачове, Антушаве, Чачэрску і Люшаве, агулам 4 358 парафіян. Рагачова-Быхаўскі дэканат Магілёўскай архідыяцэзіі месьціцца ў двух паветах: на частцы Рагачоўскага і ў Быхаўскім, і ўлучае 4 парафіі: Быхаў, Журавічы, Рагачоў і Антонава, 5 капліц і 4 190 вернікаў.

Рагачоўская каталіцкая парафія налічвае 772 вернікі. Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвятой Панны Марыі збудаваны ў 1783 годзе коштам парафіян.

Гісторыя

Часам першага падзелу Рэчы Паспалітай Рагачоў адышоў да Расеі і з 1777 года вызначаны павятовым горадам Магілёўскай губэрні.

Землі сёньняшняга Рагачоўскага павета належалі Рэчыцкаму павету Менскага ваяводзтва. У 1772 годзе, пры першым падзеле Польшчы, з анэксаваных Расеяй ваяводзтваў: Амсьціслаўскага, Полацкага і Віцебскага, былі ўтвораны два намесьніцтвы - Магілёўскае і Полацкае. У склад Магілёўскага намесьніцтва ўваходзіў таксама і Віцебск, які ў тым жа годзе разам з землямі, што ляжаць паміж мяжой Смаленскай губэрні і Дзісной, быў перададзены ў склад Пскоўскай губэрні. Магілёўскае намесьніцтва падзялялася на 4 правінцыі: Аршанскую, Рагачоўскую, Амсьціслаўскую і Магілёўскую.

У 1776 годзе намесьніцтва было рэарганізавана па прынцыпе агульнарасійскага палажэньня пра губэрні, а ў 1778 годзе былі ўтвораны павятовыя ўправы і адкрыты судовыя ізбы. Тады Магілёў стаў губэрнскім горадам, а Чавусы, Стары Быхаў, Ворша, Бабінавічы, Копысь, Сянно, Амсьціслаў, Чэрыкаў, Клімавічы, Рагачоў і Беліца - павятовымі гарадамі. У 1797 годзе імпэратар Павал I з Магілёўскага і Полацкага намесьніцтваў загадаў стварыць адзіную Беларускую губэрню, з губэрнскім горадам Віцебскам, у склад якой увайшоў Магілёў як павятовы горад; у 1801 годзе на загад імпэратара Аляксандра I была адноўлена Магілёўская губэрня. З той пары Рагачоўскі павет увесь час уваходзіць у яе склад.

Маршалкамі Рагачоўскага павету былі (у альфабэтным парадку): Феліцыян Быкоўскі гербу Грыф (1790), Герард Быкоўскі гербу Грыф (1811, 1818), Вінцэнт Дорыя-Дзерналовіч гербу Любіч (1805), Ланеўскі гербу Корчак (1799-1800), Ян Аскерка гербу Мурдэліё (1858-63), Юзаф Парчэўскі гербу Наленч (1782-83), Тамаш Пузына гербу Агінец (1812-17), Пётар Саковіч гербу Помян, Людвік Случаноўскі, Мікалай Воўк-Ланеўскі гербу Трубы (1798, 1809), Аляксандар Жукоўскі гербу Грыф.

На падставе Sulimierski F. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego. T.9, 1888, s. 688-691